?

Log in

No account? Create an account

Next Entry


Выставачныя залы
Выставачныя залы ДУ "Музей гісторыі горада Мінска"
Будынак, у якім размяшчаюцца выставачныя залы, з’яўляецца помнікам архітэктуры ХІХ ст., размешчаны ў гістарычным цэнтры Мінска, на тэрыторыі Верхняга горада па вул. Рэвалюцыйнай, 10. Тут арганізуюцца зменныя тэматычныя выставы, у тым ліку міжнародныя, на аснове збораў калекцыянераў, мастакоў, фатографаў, розных арганізацый і устаноў.
Расклад
серада-нядзеля,
11.00 – 19.00
Адрас
г. Мінск,
вул. Рэвалюцыйная,10
Тэлефон для даведак
+375 17 321-24-30


Галерэя М. Савіцкага
Мастацкая галерэя Міхаіла Савіцкага
7 верасня 2012 г. адбылося адкрыццё Мастацкай галерэі Героя Беларусі, народнага мастака Беларусі, ганаровага грамадзяніна горада Мінска Міхаіла Андрэевіча Савіцкага.
Галерэя размешчана ў адметным будынку Верхняга горада, на плошчы Свабоды, у былой гарадской сядзібе XVIII ст.
У розныя часы ўладальнікамі сядзібы былі знакамітыя жыхары горада. У кан. ХVIIІ ст. будынак належаў графу Міхалу Пшаздзецкаму, напачатку ХIХ - шляхцічу Андрэю Станкевічу, пазней – вядомаму культурнаму дзеячу свайго часу Юрыю Кабылінскаму. Сядзіба Кабылінскага была месцам сустрэч творчай інтэлігенцыі горада, а сам гаспадар быў вядомым калекцыянерам, займаўся літаратурай і жывапісам. Паводле меркавання некаторых даследчыкаў, зборы Кабылінскага былі фактычна першым публічным музеем Мінска. У сяр. XIX ст. сядзібу набыў гарадскі галава Леапольд Дэльпацэ. З 1872 г. па 1918 г. будынак належаў мужчынскай духоўнай вучэльні. З сяр. ХХ ст. і да 2004 г. тут знаходзіўся прызыўны пункт абласнога ваенкамата.
У чатырох залах галерэі праведзена рэканструкцыя гістарычных інтэр’ераў жылых памяшканняў сядзібнага дома – вялікай гасцёўні, малой гасцёўні, кабінета, бібліятэкі.
Экспазіцыя, прысвечаная творчасці М.А. Савіцкага, займае дзесяць залаў. Тут прадстаўлена каля 1000 экспанатаў з фондаў Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь, Беларускага дзяржаўнага музея гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, Музея гісторыі горада Мінска і сям’і мастака.
У складзе экспазіцыі вылучана некалькі раздзелаў, якія пакліканы паказаць важнейшыя этапы творчасці мастака: “У пачатку творчага шляха”; “Творчасць 1970-1990-х гадоў”; “Вялікая Айчынная вайна ў творчасці мастака” (у яго межах экспануецца і цыкл працаў “Лічбы на сэрцы”); “Чорная быль” (прысвечаны аварыі на ЧАЭС). Сваё месца ў экспазіцыі знайшлі творы прысвечаныя хрысціянскай тэматыцы і сялянскай працы. Асобны раздзел прысвечаны біяграфіі, грамадскай і педагагічнай дзейнасці М.А. Савіцкага. Прадстаўлены асабістыя рэчы мастака, узнагароды, дакументы, фатаграфіі, кнігі з аўтографамі і г.д.
У галерэі дэманструецца інтэр’еры службовага кабінета М.А. Савіцкага, які знаходзіўся ў Творчых акадэмічных майстэрнях жывапісу, графікі і скульптуры, і творчай майстэрні па вул. Някрасава. Аднаўленне інтэр’ераў спрыяе выяўленню асаблівасцяў тэхнічнага працэсу стварэння карцін, і стварэнню эфекту прысутнасці самога аўтара.
На першым паверсе галерэі знаходзіцца яшчэ адна вялікая зала (агульнай плошчай 380 кв.м.) прызначаная для правядзення зменных тэматычных выставак.
Расклад
серада – нядзеля
11.00 – 19.00
Адрас
г. Мінск, пл. Свабоды, 15
Тэлефон для даведак
+375 17 321-24-30


Ратуша
Мінская гарадская ратуша
Мінская ратуша – галоўнае ўпрыгожванне пл. Свабоды і сімвал гістарычнай памяці жыхароў горада. Будынак быў адноўлены ў 2002 – 2004 гг. на тым месцы і ў тым выглядзе, у якім горад запомніў яго ў сярэдзіне XIX ст.
Гісторыя Мінскай ратушы пачалася з атрымання горадам Магдэбургскага права ў 1499 г. Будынак ратушы выкарыстоўваўся ў першую чаргу як «дом сходаў» – месца паседжанняў магістрата – органа гарадскога самакіравання. Тут таксама размяшчаўся суд, знаходзіўся архіў, захоўваліся сімвалы горада – герб, пячатка, прывілей на Магдэбургскае права.
Ратуша з’яўлялася цэнтрам гаспадарча-эканамічнага і культурнага жыцця Мінска. На плошчы, каля будынка ратушы вёўся гандаль, адбываліся гарадскія святы, тэатральныя пастаноўкі.
У перыяд знаходжання беларускіх земляў у складзе Расійскай імперыі ў ратушы размяшчаліся: паліцыя, гаўптвахта, тэатр, музычная школа. У сяр. XIX ст. будынак ратушы быў разбураны.
Сёння гарадская ратуша стварае новую гісторыю. Тут адбываюцца важныя для горада і краіны ўрачыстыя мерапрыемствы, сярод якіх: уганараванне лаўрэатаў звання «Мінчанін года», ўдзельнікаў міжнародных форумаў, дзеячоў культуры і зорак спорту. Штогод, менавіта, у ратушы ўрачыста адчыняецца Свята горада і выступаюць з канцэртамі лепшыя музычныя калектывы горада.
Кожную суботу з 12.00 да 15.00 дзверы Мінскай ратушы адчынены для ўсіх наведнікаў. Экскурсія «Мінская ратуша – гісторыя і сучаснасць» знаёміць не толькі з гісторыяй будынка, але і з асноўнымі этапамі станаўлення і развіцця Мінска ад XI ст. да нашых дзён.
Расклад
серада-пятніца па папярэднім запісе,
штосуботу
12.00-15.00
Адрас
г. Мінск, пл. Свабоды, 2А
Тэлефон для даведак
+375 17 321-24-30


Лошыцкі флігель
Флігель лошыцкага сядзібна-паркавага комплекса
У маляўнічым кутку Мінска на стромкім беразе пры зліцці Свіслачы і Лошыцы, у самым сэрцы парку размешчаны будынак былога сядзібнага флігеля.
Флігель з’яўляецца неад’емнай часткай Лошыцкага сядзібна-паркавага комплекса – помніка архітэктуры 2-ой пал. XVIII – 2-ой пал. XIX стст.
Сем пакаленняў роду Прушынскіх будавалі і ўладкоўвалі Лошыцкую сядзібу ў наваколлі Мінска, а з імёнамі апошніх яе ўладальнікаў – Яўстафіем Любанскім і яго прыгажуняй жонкай Ядвігай звязана нямала загадкавых гісторый і рамантычных легендаў.
Драўляны будынак флігеля з вежай стаіць на старым каменным падмурку і датуецца 1895 г. Флігель ці афіцына выконваў самыя розныя функцыі па забяспячэнні патрэбаў уладальнікаў сядзібы. Адным з асноўных памяшканняў флігеля была кухня. Тамсама размяшчаўся кабінет аканома, у якім ён прыймаў працаўнікоў, спраўджваў дакументацыю. У гэтым будынку жылі і працавалі слугі. Тут маглі плесці кошыкі, ткаць, вырабляць і рамантавалі разнастайныя гаспадарчы рыштунак і начынне. Для захавання прыпасаў у флігелі меліся адмысловыя памяшканні.
У экспазіцыі прадстаўлены вырабы ганчарства, салома- і лозапляцення, рамесныя інструменты. Прадметы і прылады звязаныя з апрацоўкай лёну і ткацтвам суседнічаюць з гатовымі ўзорамі прадукцыі народных рамёстваў – посцілкамі, рушнікамі, палавікамі.
Расклад
серада – нядзеля,
11.00 – 18.00
Адрас
г.Мінск, праезд Чыжэўскіх, 10
Тэлефон для даведак
+375 17 285-18-86


Гарадская мастацкая галерэя твораў Л.Дз. Шчамялёва
Гарадская мастацкая галерэя твораў Леаніда Дзмітрыевіча Шчамялёва створана на падставе рашэння № 115 Мінгарвыканкама ад 23 студзеня 2003 г. як установа культуры музейнага тыпу. Аснову экспазіцыі галерэі складае калекцыя прац Народнага мастака Беларусі, лаўрэата Дзяржпрэміі БССР, ветэрана Вялікай Айчыннай вайны, лаўрэата прэміі Саюзнай дзяржавы Леаніда Шчамялёва, падораная ім сталіцы Беларусі. Калекцыя з 60 аўтарскіх халстоў, пераданая Мінску мастаком, сталася асновай галерэі, стварэнне якой стала вартасным годным выражэннем падзякі мастаку, чалавеку, грамадзяніну.
Калекцыя жывапісу ахоплівае перыяд з 1974 г. па 2003 г. і прадстаўляе ўсё жанравае шматаблічча жывапісу Л. Шчамялёва: пейзажы; нацюрморты; партрэты; жанравыя, гістарычныя, і сюжэтна-тэматычныя карціны. На яе аснове фарміруецца экспазіцыя вялікай залы галерэі, якая змяшчае каля 30 прац. Перыядычна ажыццяўляецца ратацыя прац у асноўнай экспазіцыі, а раз на 3 гады выстаўляецца ўся калекцыя цалкам у абедзвюх залах галерэі.
Адначасова з экспазіцыяй твораў Л. Шчамялёва, у другой залі галерэі ладзяцца рэгулярныя зменныя выставы і іншыя мерапрыемствы
Шматаблічная дзейнасць Гарадской мастацкай галерэі твораў Л. Шчамялёва (а гэта, акрамя выставак, і творчыя вечарыны, і відэапаказы, і прэзентацыі кніг, і канцэрты) праходзіць з непасрэдным удзелам Л. Шчамялёва, а таму праца галерэі носіць унікальны характар жывых зносін публікі з прызнаным мэтрам беларускага жывапісу.
Расклад
аўторак – субота,
10.00 – 18.00
Адрас
г.Мінск, пр. Ракасоўскага, 49
Кантакты для даведак
+375 17 291-16-76
e-mail: minskgallery@yandex.by


Майстэрня-музей народнага мастака Беларусі Івана Міско
Іван Міско – заслужаны дзеяч мастацтваў БССР, народны мастак Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР, узнагароджаны медалём Францыска Скарыны і ордэнам імя Ю.А. Гагарына.
Творчасць беларускага скульптара Івана Міско добра вядома за яе межамі. Тэма космаса - адна з прыярытэтных у яго творчасці. І. Міско аўтар цэлай галерэі скульптурных партрэтаў выбітных прадстаўнікоў прафесіі касманаўтаў. Сярод іх – ці не ўсе касманаўты былога Савецкага Саюза, у тым ліку беларусы – Уладзімір Кавалёнак і Пётр Клімук, а таксама прадстаўнікі розных краін, якія пабывалі на арбіце. Прадстаўнікоў гэтай прафесіі І. Міско выявіў не толькі ў скульптуры, але і на фотапартрэтах і графічных малюнках.
Расклад
панядзелак - пятніца
Адрас
г.Мінск, вул. Інтэрнацыянальная, 11А
Тэлефон для даведак
+375 17 203-60-05

Comments

( 2 comments — Пакінуць камэнт )
vladimir_minsk
Oct. 14th, 2013 06:02 pm (UTC)
Дзякуй!
muzejminska
Oct. 15th, 2013 08:31 pm (UTC)
Калі ласка!
( 2 comments — Пакінуць камэнт )